«Я ўвесь час хачу некага пазбавіць жыцця». Зноў судзяць Уладзіслава Казакевіча

У Магілёве на судзе над Уладзіславам Казакевічам, якога вінавацяць у нападзе на супрацоўнікаў Шклоўскай папраўчай калоніі і ў замаху на забойства асобы, якая выконвала службовыя абавязкі, адвакаты выступілі з хадайніцтвам аб правядзенні паўторнай псіхіятрычнай экспертызы падабароннага, у якога дыягнаставаны шызатыпічны разлад асобы.

Адвакаты паставілі пад сумнеў аб’ектыўнасць экспертызы, якую праводзілі падчас следства па справе аб нападзе Казакевіча на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Еўропа» і забойстве чалавека.

Image
Уладзіслаў Казакевіч у магілёўскім судзе

Гэтае злачынства Казакевіч учыніў у кастрычніку 2016 году. 3 сакавіка 2017 году суд Маскоўскага раёну Мінску прызнаў яго вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясенні траўмаў і пакараў 15 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Гэтае пакаранне Казакевіч пачаў адбываць 24 чэрвеня ў Шклоўскай калоніі.

 

«Першая псіхіятрычная экспертыза не мае навуковага абгрунтавання»

Справу аб нападзе 19-гадовага Казакевіча на супрацоўнікаў калоніі разглядае судовая калегія Магілёўскага абласнога суду.

У сваім хадайніцтве адвакаты Аляксандр Галіеў, Таццяна Савіцкая і Уладзімер Сташкевіч даводзілі, што праведзеная ў 2016-2017 гадах экспертыза «не мела навуковага абгрунтавання», а значыць, яе высновы наконт псіхічнага стану Уладзіслава Казакевіча былі няслушныя.

«Экспертыза не мае ніводнай спасылкі на крыніцы ў галіне псіхалогіі і псіхіятрыі. Адсутнічае абгрунтаванне выкарыстаных метадаў падчас правядзення экспертызы», — казаў суду адвакат Сташкевіч.

Уладзіслаў Казакевіч хворы на шызатыпічны разлад асобы. Гэты дыягназ яму паставілі ў 2014 годзе пасля дзвюх спробаў скончыць жыццё самагубствам. Паводле бацькі абвінавачанага, Валянціна Казакевіча, хвароба ў сына абвастраецца ў псіхатраўмуючых сітуацыях.

Хадайніцтва адвакатаў было далучана да матэрыялаў справы. Да яго вернуцца пасля вывучэння доказаў.

 

Хацеў забіць начальніка калоніі. Напаў на таго, хто трапіўся пад руку

Паводле матэрыялаў справы, Уладзіслаў Казакевіч, адбываючы пакаранне ў Шклоўскай калоніі, задумаў забіць яе начальніка Сяргея Петраковіча. Свае дзеянні абвінавачаны тлумачыў непрыяззю да гэтай службовай асобы. Петраковіч неаднаразова накладаў на яго дысцыплінарныя спагнанні і караў вымовамі, штрафным ізалятарам ды змяшчэннем у памяшканне камернага тыпу.

Image
Канваявалі Казакевіча больш як чацвёра міліцыянтаў. Абвінавачаны быў у кайданках

Следчыя высветлілі, што здабыць нож Казакевічу дапамог іншы асуджаны. Гэтым нажом ён нібыта збіраўся ажыццявіць задуманае, калі яго павядуць да начальніка калоніі знаёміцца з актам аб чарговым дысцыплінарным спагнанні.

10 кастрычніка аднаму з супрацоўнікаў калоніі іншы асуджаны перадаў цыдулку, якою інфармаваў, што на Петраковіча рыхтуецца напад. У ходзе праверкі гэтай аператыўнай інфармацыі высветлілася, што зламыснік — Казакевіч. Забаронены прадмет, аднак, у яго знайсці не ўдалося.

12 кастрычніка падчас асабістага агляду, калі Казакевіча выводзілі на прагулку, ён выхапіў з рукава нож і напаў на намесніка начальніка калоніі па рэжыму і аператыўнай працы Аляксея Маскалёва. Калі той адбіўся, асуджаны накінуўся на канваіра Аляксея Кузана, якому тры разы трапіў нажом па галаве.

На допыце ў дзень злачынства Уладзіслаў Казакевіч прызнаўся: калі яму не ўдалося забіць начальніка калоніі, то вырашыў забіць Маскалёва, да якога таксама меў непрыязь, а калі той адбіўся, то «пад руку трапіўся» канваір Кузан.

Сяргей Петраковіч, Аляксей Маскалёў ды Аляксей Кузан праходзяць па справе пацярпелымі.

Сам абвінавачаны на судзе адмовіўся даваць паказанні. У пратаколе першага допыту ён сказаў следчаму, што «яму было ўсё роўна, каго забіваць».

«Я ўвесь час хачу некага пазбавіць жыцця», — цытавалі словы Казакевіча з допыту.

 

Начальнік калоніі не ведаў пра стан псіхічнага здароўя асуджанага

У ходзе допыту начальніка калоніі Сяргея Петраковіча высветлілася, што ён не ведаў пра псіхічныя асаблівасці асуджанага, а таксама пра ягоныя праблемы са зрокам. Не знаёміўся з медычнай карткай Казакевіча.

Начальнік калоніі заявіў, што калі б у Казакевіча былі праблемы са здароўем, яго б сюды не накіравалі.

Са слоў Петраковіча, асуджанага рэгулярна каралі штрафным ізалятарам за дысцыплінарныя спагнанні. Начальнік калоніі сказаў, што жорсткасць пакарання асуджанага вызначаў, зыходзячы «з унутранага пераканання».

Казакевіч стаяў на прафілактычным уліку як асоба, схільная да нападу на супрацоўнікаў калоніі, хуліганскіх дзеянняў ды захопу закладнікаў. У парушэнні рэжыму, паводле Петраковіча, Казакевіч не раскайваўся.

«Ён абяцаў, што і далей будзе парушаць рэжым, бо яму так трэба», — сказаў пацярпелы суду.

На пытанне суду, чым было выклікана тое, што за некалькі дзён да інцыдэнту з нападам на канваіраў Казакевіча перасталі караць штрафным ізалятарам, Петраковіч адказаў, што з асуджаным паспрабавалі працаваць іначай.

Цыдулку, у якой была інфармацыя пра напад на начальніка калоніі, перадалі следчым толькі праз пяць дзён пасля інцыдэнту 17 кастрычніка. Чаму яе так доўга трымалі, суд даведацца ў Петраковіча не змог.

 

«У мяне ўражанне, што Казакевіч і надалей збіраўся здзейсняць злачынствы»

Яшчэ адзін пацярпелы Аляксей Маскалёў сказаў, што Казакевіч паводзіў сябе ў калоніі замкнёна, пазбягаў стасункаў з іншымі асуджанымі. За некалькі дзён да нападу на супрацоўнікаў калоніі яго паводзіны змяніліся. Сталі агрэсіўнымі. На заўвагі супрацоўнікаў ён агрызаўся.

Аляксей Маскалёў сказаў: у яго «ўражанне, што Казакевіч і надалей збіраўся здзейсняць злачынствы». Такую выснову супрацоўнік калоніі зрабіў пасля гутарак з іншымі асуджанымі, якія ўтрымліваліся ў адной камеры з Казакевічам.

Маскалёў таксама заявіў, што не ведаў пра псіхічныя асаблівасці Казакевіча.

 

Бацька абвінавачанага: «Напад сына ў калоніі справакавалі»

На суд прыехаў бацька абвінавачанага Валянцін Казакевіч. Ён адзначыў, што Уладзіслаў выглядае схуднелым. Па яго звестках, у сына былі правалы ў памяці і выпадкі нарастання псіхозу. З гэтай прычыны бацька звяртаўся ў пракуратуру.

На тое, што Уладзіславу не аказваецца псіхалагічная дапамога, скардзіўся памочніку прэзідэнта Жанне Цішчанцы, калі быў у яе на прыёме.

«Гэта можа рабіцца спецыяльна, або адказныя людзі проста некваліфікаваныя, бо не бачаць, у чым чалавек мае патрэбу і што ён хворы», — казаў Казакевіч-старэйшы.

Ён лічыць, што інцыдэнт з нажом быў справакаваны, і адвакаты будуць даводзіць гэта на працэсе. «Нож быў яму падкінуты...» — сказаў Валянцін Казакевіч.

Image
Валянцін Казакевіч — бацька абвінавачанага

Ён і адвакаты звярнулі ўвагу, што на відэа з допытам у дзень нападу на супрацоўнікаў калоніі Казакевіч паводзіў сябе надта спакойна.

«Яго рэакцыя не адэкватная сітуацыі. Гэта рэакцыя хворага чалавека», — сказаў бацька абвінавачанага.

Першы допыт Казакевіча адвакаты назвалі незаконным і прасілі не разглядаць яго як доказ. На допыт, даводзілі яны, не быў выкліканы абаронца інтарэсаў абвінавачанага, з якім была заключаная дамова і які ў той дзень быў у Шклове.

Колькі часу будуць разглядаць справу Казакевіча, невядома. Матэрыялы справы займаюць сем тамоў.

Абвінавачанаму інкрымінавана падрыхтоўка да забойства, замах на забойства дзвюх асобаў у сувязі з ажыццяўленнем імі службовай дзейнасці і замах на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. За гэта Казакевічу пагражае пажыццёвае зняволенне або працяглае турэмнае пакаранне.

Loading...

Обсудим?


Naviny.by
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

Курсы валют

Внимание! Опрос!

Какие жанры кинофильмов Вам больше нравятся?
 

Календарь событий

Тех. поддержка

По техническим вопросам обращаться:
 Контакты
616124 616124

123

Отправить SMS


Реклама