Скарына і праз паўтысячагоддзя застаецца вялікай таямніцай для нашчадкаў

Роўна 500 гадоў назад, 6 жніўня 1517 года, мысляр, навуковец і гуманіст-асветнік з Полацка Францыск Скарына накіраваў у друк свой пераклад “Псалтыра” на старабеларускую мову, паклаўшы такім чынам пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню.

 

Image
Алесь Суша, фота Радыё Свабода

 

У гэтую знакавую дату Naviny.by папрасілі намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыню Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, культуролага і скарыназнаўцу Алеся Сушу распавесці, што значыць асоба Францыска Скарыны для Беларусі і якія таямніцы, звязаныя з асобай выбітнага палачаніна, дагэтуль хавае гісторыя.
 

Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, аднак калі б Скарына не распачаў друкарскую дзейнасць, развіццё Вялікага Княства Літоўскага і беларускага народа пайшло б зусім па іншым шляху, адзначыў Суша. На яго думку, дзейнасць Скарыны ў значнай ступені вызначыла палітычную, культурную, этнічную самаідэнтыфікацыю народа.

 

Без яе запаволіліся б тэмпы этнічнай кансалідацыі і фармавання нацыянальнай моўнай, літаратурнай, мастацкай традыцыі, бо выданні Скарыны прадвызначылі многія формы культуры ў шырокім сэнсе, — падкрэсліў культуролаг. — Калі б Скарына не пачаў займацца кнігадрукаваннем, гэта не дазволіла б нашаму народу паўнавартасна інтэгравацца ў агульнасусветны культурны працэс. Праз кнігі Скарыны мы, па сутнасці, атрымалі доступ не толькі да еўрапейскай, але і да агульнасусветнай інтэлектуальнай традыцыі”.
 

Кніжная спадчына Скарыны

 

Паводле Сушы, сёння вядома пра 25 найменняў кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам. Гэта пераклады біблійных твораў, а таксама шматлікія прадмовы, сказанні і пасляслоўі ягонага аўтарства. Асобнікаў гэтых выданняў па ўсім свеце захавалася 519. У розных бібліяграфіях ёсць згадкі пра яшчэ некалькі дзясяткаў асобнікаў, якія некалі захоўваліся ў розных прыватных і дзяржаўных, царкоўных і манастырскіх кнігазборах, але сёння іх месцазнаходжанне даследчыкі Скарынавай спадчыны не ведаюць. Апрача таго, існуе прыблізна 45 рукапісных спісаў — копій з арыгінальных кніг Скарыны, у тым ліку з тых, якія, верагодна, фізічна не захаваліся.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сёння захоўваецца 10 асобнікаў пражскіх выданняў Скарыны ў шасці пераплётах. Летась “Белгазпрамбанк” набыў для сваёй калекцыі “Малую падарожную кніжку”, якая складаецца з 18 асобных частак-кніг. Такім чынам, агулам у краіне захоўваюцца 28 Скарынавых кніг. Беларусь разам з Украінай, якая мае такую ж самую колькасць асобнікаў выданняў беларускага першадрукара, займае другое месца сярод уладальнікаў спадчыны Скарыны.

Больш за ўсё асобнікаў кніг Скарыны — прыблізна 350 — сёння захоўваецца ў Расіі. У прыватнасці ў Маскве іх мае Расійская дзяржаўная бібліятэка, Дзяржаўны гістарычны музей, Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў, бібліятэка Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Санкт-Пецярбургу — Расійская нацыянальная бібліятэка, бібліятэка Расійскай акадэміі навук. Адзінкавыя асобнікі ёсць у Цюмені, Саратаве, ва Уладзіміры.

 

Кроўныя нашчадкі Скарыны могуць жыць сярод нас

 

Паводле слоў Сушы, у Беларусі ёсць багата людзей з прозвішчам Скарына. У XVI—XVIII стагоддзях у Полацку і на Полаччыне было шмат асоб, якія зваліся Скарынамі, многія з іх былі прадстаўнікамі ўніяцкага і каталіцкага духавенства. Але сёння, на жаль, складана сказаць, ці былі яны сваякамі знакамітага кнігадрукара.

 

У свой час былі спробы знайсці магчымых сваякоў Францыска Скарыны. Нават называюць канкрэтных асоб, кшталту Стэнлі Скарыны з Канады, які ў свой час прыязджаў у Беларусь, але сам ён казаў, што ў лепшым выпадку можа прасачыць свой радавод да XVII стагоддзя, не далей. Ці можна яго ліцыць нашчадкам Скарыны? Хутчэй не”, — адзначыў Суша.

 

Вядома, што ў Скарыны была жонка і двое сыноў. Адзін з іх, Францішак, хутчэй за ўсё загінуў падчас вялікага пажару ў 1541 году ў Празе. Другі сын першадрукара — Сымон Скарына, ці, як ён сам сябе вельмі часта называў, Сымон альбо Шымон Рус — жыў на поўдні Чэхіі.

 

Мы пра яго ведаем з датаванага 1552 годам ліста чэшскага караля Фердынанда аб смерці каралеўскага доктара і садоўніка Францішка Скарыны яго сыну Сымону Русу з прапановай забраць спадчыну бацькі. Сымон Рус называецца і ўзгадваецца і ў іншых дакументах ажно да 1590-х гадоў. Апошні нам вядомы дакумент датуецца 1593 годам”, — сказаў культуролаг.

 

Шэраг розных дакументаў сведчаць пра тое, што асноўную частку свайго жыцця Сымон Рус правёў у гарадку Йіндржыхуў-Градзец на поўдні Чэхіі, дзе працаваў садоўнікам у гарадскім парку. Цікава, што ён стала падтрымліваў стасункі з Вялікім Княствам Літоўскім і Полацкам у прыватнасці.

 

Мы можам выказаць меркаванне, што мянушка Рус, якой называўся Сымон, фактычна стала для яго дзяцей прозвішчам. Калі б знайсці ў Чэхіі ці па-за межамі гэтае краіны Русаў, то яны, меркавана, маглі б быць яго нашчадкамі. Але, на вялікі жаль, дакладна мы гэта не высветлім, бо ні ў Полацку, ані ў чэшскіх гарадах не засталося багата метрычных кніг”, — паведаміў скарыназнавец.

 

Таямніцы жыцця выбітнага палачаніна

Але ж пры ўсёй значнасці асобы Францыска Скарыны для Беларусі і ўсходнеславянскага свету дакладных звестак пра яго жыццё і дзейнасць надзвычай мала, а архіўнымі дакументамі і іншымі дакладнымі матэрыяльнымі сведчаннямі пацверджана не так шмат гіпотэз.

Таямніц, звязаных са Скарынам, багата, — падкрэсліў Суша. — Мы не ведаем дзень і год нараджэння, дату смерці і месца пахавання першадрукара, агульную колькасць выдадзеных ім кніг, увесь час узнікаюць спрэчкі адносна веравызнання Скарыны. Мы не ведаем, дзе ён абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі, дакладна не вызначылі, ці быў ён сакратаром караля Даніі, не ведаем, ці вучыўся ён ў Падуанскім універсітэце альбо проста здаваў там іспыты. Невядома, якім быў першы аркуш “Псалтыра”.

Мы не ведаем самыя прынцыповыя рэчы і пытанні ў дачыненні да гэтай асобы, таму наперадзе нам яшчэ варта падумаць, як і што новае мы можам даследаваць. З іншага боку, існуе багата гіпотэз і меркаванняў, якія дазваляюць нам часткова рэканструяваць біяграфію Скарыны і паспрабаваць раскрыць некаторыя таямніцы яго жыцця”, — сказаў культуролаг.

Так, апошнія даследаваныя дакументальныя крыніцы, другасныя і ўскосныя сведчанні, новыя арыгінальныя падыходы дазваляюць спадзявацца на больш дэталёвае раскрыццё прынамсі двух пытанняў.

 

Першае з іх звязана з працай Францыска Скарыны ў якасці сакратара караля Даніі і яго ўдзелам у Пятым латэранскім саборы (XVIII сусветны сабор па ліку каталіцкай царквы) у 1512 годзе. “Пра гэта з'явілася шмат новых сведчанняў. Таму сёння мы даволі ўпэўнена можам казаць, што Скарына сапраўды быў сакратаром дацкага караля і браў удзел у перамовах падчас таго сабору ў Рыме”, — адзначыў Суша.

 

Другое пытанне тычыцца лакалізацыі і вызначэння дакладнай друкарні ў Празе, з якой выйшлі першыя беларускія кнігі — пражскія выданні Бібліі Скарыны. Паводле слоў культуролага, у гэтым плане багата зроблена беларускімі, расійскімі і чэшскімі адмыслоўцамі ў галіне гісторыі, кнігазнаўства і мастацтвазнаўства.

 

Быў зроблены аналіз гравюр, якія выкарыстоўваў Скарына і іншыя друкары, аналіз асаблівасцей шрыфтоў, характар дзейнасці і загружанасці выдавецтваў у пэўны перыяд у Празе, агульнагістарычны і рэлігійны аналіз. Мы разгледзелі гэтыя фактары супольна і сёння даволі ўпэўнена можна сказаць, што першыя кнігі былі надрукаваныя не ва ўласна Скарынавай друкарні, ён быў выдаўцом, які замовіў друк. Вызначаюць чатыры найбольш верагодныя друкарні таго часу, але з большай верагоднасцю цяпер можна казаць, што гэта адбылося ў друкарні Севярына — мясцовага купца, заможнага пражака, гусіта, які выдаваў розныя кнігі, здаваўшы друкарню ў арэнду”, — паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

 

Усе дарогі даследчыкаў Скарыны вядуць у Ватыкан

 

Паводле слоў Сушы, беларускім даследчыкам надзвычай не хапае сістэматычных росшукаў і працы з крыніцамі ў замежных архівах. “Украінцы, палякі, літоўцы і расіяне цэлымі інстытутамі на працягу дзесяцігоддзяў працуюць у архівах Рыма і Ватыкана, а ў нас і блізка такога няма”, — з прафесійнай зайздрасцю адзначыў культуролаг.

 

Ватыканскія архівы маглі б быць для нас вельмі карыснымі, бо шмат сведчыць пра вельмі шчыльныя і актыўныя стасункі Францыска Скарыны з каталіцкай царквой, — сказаў Суша. — Можна была б пашукаць матэрыялы, звязаныя з Полацкім і Віленскім бернардынскімі манастырамі, звесткі пра дзейнасць Віленскага біскупа Яна, з якім Скарына быў звязаны, матэрыялы Пражскай архідыяцэзіі і шмат іншага”.

 

Ён звярнуў увагу на тое, што Ватыкан абсалютна не абмяжоўвае даследчыкаў у працы ў сваіх архівах і Апостальскай бібліятэцы, але для гэтага трэба фінансаванне. І тут паўстае яшчэ адно пытанне — у Беларусі, на думку скарыназнаўца, недастаткова задзейнічаны інстытут мецэнацтва на карысць навуковых і гістарычных даследаванняў.

 

Гэта, вядома ж, не адмаўляе таго, што ў краіне і зараз ёсць людзі і арганізацыі, якія гатовыя падтрымліваць важныя навуковыя даследаванні, што раскрываюць міжнародныя, міжкультурныя камунікацыі. І мы гэтыя магчымасці ў бліжэйшай перспектыве проста абавязаны выкарыстаць”, — упэўнены Суша.

 

Даследчыкі Скарыны спадзяюцца на тое, што карысныя кантакты і дадатковыя магчымасці для вывучэння жыцця і дзейнасці беларускага асветніка з'явяцца падчас буйнога міжнароднага кангрэса “500 гадоў беларускаму кнігадрукаванню”, які адбудзецца 14—15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.



Оригинал новости
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

Курсы валют

Внимание! Опрос!

Какие жанры кинофильмов Вам больше нравятся?
 

Календарь событий

Тех. поддержка

По техническим вопросам обращаться:
 Контакты
616124 616124

123

Отправить SMS


Реклама