Жыхарка Віцебска заплаціла праз картку трайны кошт за пакупку

ImageЖыхарка Віцебска з прычыны няспраўнага банкаўскага тэрмінала заплаціла за тавар трайную цану. Непрыемная гісторыя адбылася яшчэ ў лютым.

— Мы з мужам у той дзень купілі дзве бляшанкі марылкі і лаку вытворчасці вядомай замежнай фірмы для рамонту кватэры. Набывалі ў тым салоне і раней рознае. І ніколі да гэтага ў мяне не было ніякіх прэтэнзій да працы супрацоўнікаў гандлёвага пункта, - распавядае Вольга Клімовіч, аператар электроннага набору і вёрсткі.

Спрабавала аплаціць пакупку з дапамогай карткі Белінвестбанка. Увяла пін-код, у выніку ні пацверджання таго, што грошы пералічылі, ні чэка. Работнік крамы сказаў, што ў касавым апараце скончылася стужка. Ён спрабаваў яе замяніць.

Паўторная спроба разлічыцца за тавар скончылася няўдала. У выніку заплаціла наяўнымі грашыма — 380 тысяч 100 рублёў. Аднак калі мне тэрмінова трэба было зняць наяўныя з карткі, заўважыла, што на балансе не хапае 760 200 рублёў.

Я адразу зразумела, што гэтая сума — кошт дзвюх няўдалых спроб разлічыцца карткай. Патэлефанавала ў кантакт-цэнтр Белінвестбанка, доўга чакала злучэння з аператарам. У выніку даведалася, што мне трэба ў панядзелак ісці ў найбліжэйшае аддзяленне банка і пісаць заяву.

Далей кліентка сутыкнулася з вялікімі праблемамі:

— Думаю, калі б тэрмінал у краме абслугоўваўся Белінвестбанкам, можа, праблема з вяртаннем грошай хутка вырашылася. А так… 9 лютага напісала заяву ў Белінвестбанк. І ў аддзяленні, дзе яе прынялі, сказалі, што паперу разгледзяць на працягу 14 дзён. Гэтага не адбылося. 25 лютага патэлефанавала ў тое ж самае аддзяленне і запытала, куды паскардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў банка.

Жанчыну імгненна пераключылі на супрацоўніка, які ветліва ўсё растлумачыў. Ён падкрэсліў, што ўжо двойчы быў адпраўлены запыт у Прыорбанк, але адтуль няма ніякай рэакцыі.

Вольга распавяла сваю гісторыю на старонцы Белінвестбанка ў Фэйсбуку. Пасля гэтага ёй патэлефанаваў работнік Белінвестбанка. Расказаў, што супрацоўнікі банка робяць усё магчымае, каб паскорыць працэс, а яе зварот патрабуе дадатковага разгляду, на што адводзіцца месяц. Паабяцалі трымаць жанчыну ў курсе спраў і даць пісьмовы адказ.

Па каментарый "Звязда" звярнулася ў пракуратуру Віцебскай вобласці.

Паводле закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", заява або скарга грамадзяніна павінна быць разгледжана не пазней за 15 дзён. А тая, што патрабуе дадатковага вывучэння і праверкі, — не пазней за 1 месяц з дня яе рэгістрацыі ў арганізацыі. Калі патрабуецца больш часу, чым месяц, заяўніку ў 5-дзённы тэрмін з дня падаўжэння тэрміну разгляду звароту паведамляецца аб прычынах. У такім выпадку неабходна ўказаць тэрмін, неабходны для працягу разгляду звароту. На неатрыманне адказу на сваю заяву з банка грамадзянка мае права паскардзіцца ў іх вышэйшыя структуры.

У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях, за парушэнні згаданых вышэй тэрмінаў разгляду звароту прадугледжана накладанне штрафу — ад 4 да 10 базавых велічынь, паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб зваротах грамадзян Ірына Таўтын.

P.S. Калі артыкул рыхтаваўся да друку, Вольга паведаміла, што грошы — 760 200 рублёў — ёй вярнулі на картку. Жанчына праверыла яе баланс у пятніцу, 13-га чысла, і вельмі ўзрадавалася. А вось пісьмовы адказ яна пакуль не атрымала.

Аляксандр Пукшанскі, Звязда


Оригинал новости
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

Курсы валют

Внимание! Опрос!

Какие жанры кинофильмов Вам больше нравятся?
 

Календарь событий

Отправить SMS


Реклама